Лонг-ліст 2017
Аргкамітэт конкурсу праектнай фатаграфіі ПРАФОТА рады абвясціць лонг-ліст намінацыі лічбавы сторытэлінг 2017 года. Гран-пры будзе ўручана 1 чэрвеня, падчас адкрыцця выставы фіналістаў у прасторы ЦЭХ, а 19:00.

  • Максім Багдановіч, «Шнары»
  • Аляксандр Васюковіч, Дар'я Царык, Ганна Шпакава, «Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма»
  • Сяргей Гудзілін, «Востраў малака»
  • Сяргей Гудзілін, «Па краі»
  • Дзіна Даніловіч, «Да»
  • Аляксандр Міхалковіч, «Белы аркуш паперы»
  • Аляксандр Міхалковіч, «Арт Акбар! У пошуках аэрапорту Завэнтэм»
  • Леся Пчолка,"Кара кропляй вады"
  • Аляксандра Салдатава, «Паспрабуй пачуць музыку»
  • Аляксандра Салдатава, «Пост № 1»
  • Максім Сарычаў, «Абед
  • Максім Сарычаў, «Двухлапы сябар»

У лічбавым сторытэлінгу шорт-ліст не фармаваўся, а ў лонг-ліст увайшлі ўсе 12 дасланых нам праектаў
    Лічбавыя тэхналогіі, а таксама даступнасць і шырокі распаўсюд інтэрнэту ўплываюць на тое, як мы ствараем і пасля «чытаем» гісторыі. Апошнімі гадамі ўсё болей фатографаў, мастакоў, журналістаў і прадстаўнікоў сумежных прафесіяў выкарыстоўваюць у якасці інструменту перадачы паведамлення не толькі фатаграфію, але і іншыя медыумы.
    Спіс намінацыяў конкурсу ПРАФОТА сёлета пашырыцца «Лічбавым сторытэлінгам». На конкурс будуць прымацца заяўкі дакументальных фатографаў і мастакоў, а таксама творчых калектываў, якія эксперыментуюць са змяшанымі лічбавымі тэхналогіямі.
    Прызамі адзначаць праекты ў галіне візуальнага сторытэлінгу, якія дэманструюць прафесійны ўзровень, а таксама новы, нестандартны, арыгінальны падыход у выкарыстанні фатаграфіі, відэа, графікі, гуку ды інш. пры даследаванні ды фармуляванні актуальных пытанняў як сацыяльнай, гэтак і гуманітарнай тэматыкі.
    Прэміі ў намінацыі «Лічбавы сторытэлінг» будуць уручацца ў дзвюх катэгорыях (фармат прызу вызначыць аргкамітэт па выніках конкурсу):

    • Дакументальны лічбавы праект
    • Мастацкі лічбавы праект

    У абедзвюх катэгорыях могуць асобна ацэньвацца праекты працягласцю да 10 хвілінаў (кароткая форма) і праекты даўжынёй ад 10 да 30 хвілінаў (доўгая форма).

    У намінацыі «Лічбавы сторытэлінг» могуць удзельнічаць праекты наступных тыпаў:
    1
    Лінейны праект
    Візуальная гісторыя ці праект, рэпрэзентаваны ў форме простага лінейнага наратыву ці серыі лінейных наратываў на адну тэму. Праект мусіць улучаць у сябе фатаграфію і/ці відэа, а таксама можа змяшчаць тэкст, анімацыю, графіку і гук.
    2
    Нелінейны праект
    Візуальная гісторыя ці праект нелінейнай формы. Праект мусіць улучаць у сябе фатаграфію і/ці відэа, а таксама можа змяшчаць тэкст, анімацыю, графіку, гук.
    3
    Інтэрактыўны праект
    Візуальны праект, прызначаны для онлайн-прагляду ці ўсталявання ў якасці дадатку на мабільныя прылады, які дае карыстальнікам магчымасць праз дызайн атрымаць новы візуальны досвед. Праект мусіць улучаць фатаграфію і/ці відэа, а таксама можа змяшчаць анімацыю, графіку, гук, тэкст.
    Умовы
    На конкурс ад беларускіх фатографаў (у тым ліку калектываў фатографаў) прымаюцца фотапраекты, знятыя ці паказаныя ў 2015−2016.

    Да разгляду не прымаюцца трэйлеры ці прэвію праектаў, ТВ-рэпартажы, рэкламныя ролікі і ўэб-сайты, якія ёсць пляцоўкамі для дэманстрацыі адразу некалькіх праектаў, або сайты, што абслугоўваюць асобныя СМІ.

    Мова: усе праекты мусяць утрымліваць субцітры на англійскай мове.
    Дасылка праектаў
    Праекты прымаюцца да 7 красавіка ўключна на email: prafota@gmail.com.

    Разам з праектамі абавязкова трэба даслаць кароткія біяграфічныя звесткі пра сябе/калектыў аўтараў і кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон).

    Фармат для дасылкі лічбавых праектаў: спасылкі на ўэб-старонкі, спасылкі на Vimeo/Youtube — не менш як HD 720px для дадаткаў ios/android.
    Аўтарскія правы
    Фатограф гарантуе, што ён аўтар фатаграфічнага матэрыялу, прапанаванага ад ягонага/ейнага імя на конкурс. У выпадку спрэчных пытанняў арганізатары конкурсу запытваюць доказы аўтарства.

    Аргкамітэт пакідае за сабой права выключыць усе працы аўтара з ліку конкурсных ці прызавых у выпадку, калі выявяцца факты парушэння аўтарскіх правоў. Рашэнне аб выключэнні працаў прымае аргкамітэт конкурсу. Прынятае рашэнне не абскарджваецца.

    Фатограф мусіць быць адзіным праваўладальнікам ці мусіць падаць пісьмовую згоду (дазвол) праваўладальніка на выкарыстанне матэрыялу.

    Дасылаючы фатаграфіі, аўтар пагаджаецца з умовамі конкурсу, а таксама з тым, што гэтыя фатаграфіі могуць быць выкарыстаныя арганізатарамі для публікацыі ў друкаваным ці электронным выглядзе ў мэтах прамоцыі конкурсу ў любым фармаце (інтэрнэт-выданні, друкаваныя выданні, СМІ, паліграфічная прадукцыя і г. д.) без выплаты якой-кольвек узнагароды.
    У склад журы ўвайшлі:
    Ганна Шпакава
    Cтаршыня журы
    Ганна Шпакава, прадзюсарка, куратарка, фотарэдактарка. Выпускніца Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. М. Ламаносава. Працавала ў часопісах «Афиша», «Огонёк», «Сноб», фотадырэктаркаю агенцтва «РИА Новости». Выкладае ў школе фатаграфіі і мультымедыя ім. Родчанкі, Масква. Куратарка выставаў у Расіі і за межамі, камісар Расіі на фотабіенале Photoquai 2011 у Парыжы. Фіналістка конкурсу POY 2013 у намінацыі «Найлепшая газета» («Московские Новости»). Куратарка і фотарэдактарка мультымедыйнага праекту «Грозны: 9 гарадоў», уладальніца ўзнагароды для ваенных журналістаў Prix Bayeux-Calvados у намінацыі «Ўэб-журналістыка» (2014).
    Хасэ Баўтыста
    José Bautista
    Хасэ Баўтыста, рэдактар мультымедыя і фільмаў, кампазітар і гукавы дызайнер, заснавальнік Kansei Sounds і сузаснавальнік Altamar Films. Апошнім часам Хасэ спецыялізуецца на аўдыёвізуальных праектах, рэдагаванні і постпрадакшне мультымедыя, а таксама стварэнні музыкі ды гукавога афармлення для адзінкавых праектаў. Супрацоўнічае з галоўнымі міжнароднымі агенцтвамі, такімі як NOOR, Contacto, VII ды інш., а таксама са шматлікімі часопісамі па ўсім свеце (TIME Magazine, Le Monde, El Mundo, El País ды інш.) Працы, выкананыя для фатографаў і кінематаграфістаў, былі паказаныя на галоўных фестывалях фатаграфіі: LOOK3 FotoEspaña, Les Rencontres d’Arles і Visa Pour Le Image і шмат якіх іншых.

    Працы Хасэ неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды World Press Photo Multimedia (2013, 2014, 2015 і 2016), а таксама займалі першыя месцы на конкурсах POY 2016, SIMA 2015, Prix Bayeux Calvados 2014 ды інш.

    Цяпер жыве ў Мадрыдзе, Іспанія.
    Марыя Куркута
    Maria Kourkouta
    Марыя Куркута, кінарэжысёрка, фатограф, мастачка. На радзіме, у Грэцыі, яна займалася вывучэннем гісторыі. Пераехаўшы ў Парыж, працавала над доктарскаю дысертацыяй па тэме рытму ў кінематографе. З 2008 г. здымае кароткія дакументальныя і эксперыментальныя фільмы. Ейная першая стужка «Прэлюдыя 02−07» (2010) — фільм-калаж, які ўлоўлівае рытмічную кампазіцыю гораду, стварае мадэль урбаністычнага руху і індустрыяльных гарадскіх сетак. Фільм «Вяртанне на вуліцу Эолю» (2013) атрымаў ARTE Prize for European Short Film на фестывалі Oberhausen ISFF (2014). У ім рэжысёрка звяртаецца да культурнай памяці ў спробе даследаваць пачуццё прыналежнасці на аснове мовы паэзіі, тэксту, музыкі. Ейны поўнаметражны фільм-дэбют «Прывіды блукаюць па Еўропе» (2016) — мінімалістычны партрэт месца, складзены з «бясконцай чаргі ўцекачоў, якія імкнуцца захаваць сляды ўласнай індывідуальнай свабоды», — быў названы найлепшым дакументальным фільмам у свеце на фестывалі Juhlava (2016), а таксама стаў прызёрам Torino Film Festival (2016). Акрамя таго, фільм быў адзначаны на фестывалях у Грэцыі, ЗША, Шатландыі, Італіі, Чэшскай Рэспубліцы, Францыі, Даніі, Швейцарыі.

    Жыве і працуе ў Парыжы, Францыя.
    Гэнрык Кастэнскаў
    Henrik Kastenskov
    Гэнрык Кастэнскаў, фотажурналіст, незалежны мультымедыяпрадзюсар, дырэктар фестывалю Crossover Web Documentary. Шмат працаваў у Лацінскай Амерыцы, на Балканах і Сярэднім Усходзе, дакументуючы вынікі вайны і беднасці людзей, якія аказаліся на мяжы галечы.

    Працы творцы неаднаразова перамагалі на дацкім конкурсе POY, Гэнрык атрымліваў прызы на NPPA як фатограф і прадзюсар. Таксама працаваў у якасці стажора ў Morgenavisen Jylands-Posten і штатным фатографам у 24 Timer.

    Разам з сябрам і калегам Поўлам Мадсэнам Гэнрык Кастэнскаў заснаваў Bombay Flying Club, міжнароднае агенцтва, якое спецыялізуецца на стварэнні праектаў у жанры сторытэлінгу і цесна звязанае з фотажурналістыкаю. За гады свайго існавання агенцтва супрацоўнічала з самымі рознымі НДА, інстытуцыямі медыяў і журналістыкі ды заслужыла аўтарытэт піянераў у галіне сучаснай візуальнай журналістыкі.