Максім Сарычаў
«Я не хачу цябе забіваць»

(2019)
Шорт-ліст дакументальнай фатаграфіі ПРАФОТА 2020
Гвалт і катаванні — частыя інструменты ў працы міліцыі, пенітэнцыярных устаноў і сілавых структур Беларусі. Пра гэта ў сваім дакладзе за 2018 год паведаміў Савет па правах чалавека ААН. Героі гэтага праекта сутыкнуліся з гвалтам з боку міліцыі і зараз спрабуюць адстаяць свае правы легальным шляхам. Скаргі на дзейнасць міліцыі разглядаюцца ў Генеральнай пракуратуры, Следчым камітэце і Ўпраўленні ўласнай бяспекі МУС. Паводле дадзеных ААН з 614 скаргаў на катаванні ці жорсткае абыходжанне (з 2012 па 2015 гады) толькі па дзесяці завялі крымінальныя справы. Часам адміністрацыйныя і крымінальныя справы ўзбуджаюць супраць саміх пацярпелых, аказваючы дадатковы ціск. Тым часам далёка не ўсе пацярпелыя ўсведамляюць псіхалагічныя наступствы гвалту і часта не бачаць неабходнасці ў псіхалагічнай дапамозе. Яны могуць адчуваць моцнае хваляванне, знаходзіцца ў дэпрэсіі або мець пост траўматычнае стрэсавае расстройства. У Беларусі адсутнічаюць арганізацыі, якія займаюцца псіхалагічнай дапамогай пацярпелым ад катаванняў. Беларусь — адзіная краіна на Еўрапейскім кантыненце, якая не з'яўляецца чальцом Савета Еўропы, таму яна не падпадае пад юрысдыкцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека. На міжнародным узроўні паскардзіцца на свой урад беларусы могуць толькі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Але да гэтага часу Беларусь не выканала ніводнага з прынятых Камітэтам рашэнняў.
Шорт-ліст 2020: