Максім Сарычаў
«Без назвы»

(2018–2019)
Шорт-ліст дакументальнай фатаграфіі ПРАФОТА 2020
Мазаікі ў савецкі час былі фасадам ідэалогіі камунізму. Яны ўзвялічвалі правадыроў і дзяржаўныя сімвалы, праслаўлялі работнікаў і работніц, што глядзяць у светлую будучыню, увасаблялі ў яркіх фарбах сацрэалізму дасягненні савецкіх навукі і спорту. Ва ўсіх былых рэспубліках Савецкага Саюза засталіся іх сляды — на сценах бальніц і школ, дзяржустаноў і вакзалаў. Страціўшы веліч і першапачатковае значэнне, яны дагэтуль з’яўляюцца лейтматывам постсавецкіх тэрыторый. Фотапраект, аб’ектам якога сталі рэшткі мазаік на аўтобусных прыпынках ва ўкраінскай правінцыі, пазбаўлены аналізу манументальнасці ці ідэалагічнай падаплёкі. Яго фокус — тут і цяпер. Мазаікі знікаюць пад уздзеяннем часу, праз няўвагу да іх уладаў — ці наадварот — у рамках так званай афіцыйнай «дэкамунізацыі», якая сцірае з гарадоў і вёсак сляды камунізму. Невыпадкова на выбраных мазаіках намаляваныя звяры і птушкі. Яны ўяўляюць сабой нейкую свабоду савецкіх мастакоў: тут, удалечыні ад сталіц, няма ні Леніна, ні сярпа, ні молата. Свет прыроды, ахінуты шлейфам казачнасці, прадстаўлены ў мінімалістычных карцінах, без прэтэнзіі на стварэнне новага чалавека. Іх адзіная відочная мэта — упрыгожыць сабою ландшафт. У фотаработах Сарычава мінулае прасвечваецца скрозь сучаснасць. Людзі на халодных прыпынках застылі не толькі ў чаканні аўтобуса, але і ў чаканні будучыні. Але якім яна будзе? Ці застанецца ў ёй месца для ўтопій? Ці здолее Украіна ва ўмовах палітычных трансфармацый і ваеннай агрэсіі з боку Расіі палепшыць узровень жыцця сваіх грамадзян? Што адбудзецца з культурнай спадчынай мінулага? Яно будзе пераасэнсавана або знішчана? Фотаработы Сарычава дакументуюць дух эпохі, якая сыходзіць, уцягнуты ў момант найноўшай гісторыі. У ім сумяшчаюцца стагнацыя і рух наперад, уступаючы ва ўзаемадзеянне і адкрываючы шлях для стварэння новых сэнсаў. У гэтым моманце, як у люстэрку, адбіваюцца працэсы, якімі жыве Украіна сёння. (Тэкст: Інга Піліпчук)
Шорт-ліст 2020: