Ігар Ганчарук
«А што калі я шпіён?»
(2018)
Шорт-ліст арт фатаграфіі ПРАФОТА 2020
Пражыўшы некалькі гадоў за мяжой, я вярнуўся ў Беларусь з намерам зрабіць фотапраект, прысвечаны нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Пасля доўгага жыцця ў чужых краінах абраная тэма была для мяне актуальнай і цікавай. Я адчуваў, што хачу пазнаёміцца са сваімі суайчыннікамі нанова. Аднак, калі я пачаў здымаць, тосутыкнуўся з нечаканай рэакцыяй: акрамя тыповых пытанняў: «Вы хто такі?» — і: «Чаму вы фатаграфуеце?» — я таксама чуў дзіўнае: «А можа вы шпіён які?» — хаця я заўсёды фатаграфаваў адкрыта і ў дазволеных месцах. Паступова я зразумеў, што недавер і падазронасць сталі часткай нацыянальнай свядомасці беларусаў. Я звязваю гэта са складанай палітычнай сітуацыяй у краіне і паўсюдным кантролем з боку ўлады. Незнаёмы чалавек з камерай, які таксама размаўляе па-беларуску, калі пераважная большасць у штодзённым жыцці карыстаецца рускай мовай, аўтаматычна робіцца падазроным. Людзі прымаюць мяне за кагосьці з недзяржаўных СМІ і баяцца, бо кантакт з такім чалавекам у Беларусі часта можа прывесці да праблем з уладамі. «Дык, можа, я сапраўды шпіён?» — спытаўся я ў сябе і пачаў фатаграфаваць нічым не адметныя гарадскія ландшафты, публічныя месцы і элементы гарадскога асяроддзя — усё, што звычайна не звязана з шпіянажам у масавай свядомасці: «То бок вы гэта хочаце схаваць?» Я здымаў адкрыта, я рабіў простыя і банальныя здымкі, каб перадаць паранойю, якую адчуваў вакол сябе ўвесь час. Працуючы над праектам, я таксама знайшоў дома прадметы, якія, ў адпаведным кантэксце, могуць быць звязаныя са шпіянажам. Аб’яднаўшы гэтыя здымкі, я стварыў выдуманую гісторыю пра шпіёна, які нават не збіраўся ім быць. Дык можа я сапраўды шпіён?

Баранавічы, 2018
Шорт-ліст 2020: