Дзіна Даніловіч, Міхаіл Гулін
«Барацьба за мастацтва»

(2019)
Шорт-ліст арт фатаграфіі ПРАФОТА 2020
Эстэтыка спорту са старажытных часоў цікавіла мастакоў і скульптараў. Уся сусветная культура аддавала належнае пластыцы спартыўнага цела як эталону дасканаласці. Міхаіл Гулін і Дзіна Даніловіч даследуюць у сваім праекце тыя вобласці, якія часта застаюцца схаванымі ад абывацеля. Паказваюць цела спартсмена як працоўную прыладу, залішне не ідэалізуючы і не сэксуалізуючы яго. Надаюць асаблівую ўвагу барцоўскай эстэтыцы, амаль невядомай за межамі спартзалы. Напрыклад, паламаныя вушы дужаннікаў успрымаюцца часта як адхіленне ад нормы, бо ў нашым уяўленні звязаныя з траўмай. Між тым самі спартсмены ставяцца да гэтай асаблівасці з павагай і знаходзяць яе прывабнай. Ёсць такі выраз, што паламаныя вушы — гэта візітная картка дужанніка. Ні адна з фатаграфій не дае гледачу агульнай карціны. Толькі разам яны складаюцца ў суцэльную вялікую працу, пакідаючы гледачу прастору для інтэрпрэтацый. Спорт мяняецца, усё часцей рэагуючы на актуальныя праблемы, і мастацтва таксама стараецца казаць аб новых тэмах, якія заставаліся па-за сучасным дыскурсам.

«Міхаіл Гулін прапанаваў мне як фатографу творчую супрацу. Першапачаткова ён хацеў, каб я сфатаграфавала толькі вушы (паламаныя) дужаннікаў вольнага і грэка-рымскага стыляў, каб зафіксаваць цялесную асаблівасць атлетаў, што займаюццаканкрэтнымвідамспорту. Здымкі праходзілі падчас спартыўных збораў у працэсе трэніровак. Ужо на першай сесіі, на якой я практычна не адздымала ніякага матэрыялу, акрамя відэа баёў, я зразумела, што не хацела б абмяжоўвацца толькі фотаздымкамі вушэй. На другую сесію я ехала з канкрэтным планам зрабіць партрэты спартсменаў, а таксама фатаграфіі торсаў і вушэй. Здымкі доўжыліся каля дзвюх гадзін. На кожнага героя ў мяне было 2–3 хвіліны. Агулам я сфатаграфавала 40 спартсменаў. Мужчынская цялеснасць — гэта тэма, з якой я даўно працую як аўтар. Працуючы над гэтым праектам, я трапіла ў вельмі закрытую мужчынскую супольнасць. Мой погляд мастака кардынальным чынам адрозніваўся ад практычнага погляду саміх спартсменаў на іхнія ўласныя целы».
Дзіна Даніловіч

Шорт-ліст 2020: